ТЫ́ПАЎ ТЭО́РЫЯ,
сістэма пашыранага злічэння прэдыкатаў або аксіяматычная тэорыя мностваў, якая ўключае пераменныя розных тыпаў. Прапанавана англ. філосафам і матэматыкам Б.Раселам у 1908. Паводле яго задумы, Т.т. павінна была прадухіліць магчымасць з’яўлення антыномій, або парадоксаў, у мностваў тэорыі Г.Кантара. Згодна з гэтай канцэпцыяй усе пераменныя, якія выкарыстоўваюцца ў логіцы і мове, расслойваюцца на асобныя тыпы, у выніку чаго мноствы (класы) і іх элементы разглядаюцца толькі ў межах пэўнай іерархіі з абавязковай умовай — тып элемента мноства павінен быць на адзінку меншы за тып самога мноства. Замест адной пераменнай у сістэме можна падставіць інш. толькі таго ж тыпу. Побач з сістэмамі, тыпы пераменных якіх могуць быць выражаны натуральным радам паслядоўных лікаў, улічваюцца і сістэмы больш высокага ўзроўню з трансфінітыўнымі іерархіямі тыпаў. Усё гэта складае змест т.зв. простай Т.т. У працы «Асновы матэматыкі» (т. 1—3, 1910—13) Расел і А.Уайтхед выклалі разгалінаваную Т.т., у якой аб’екты ўнутры кожнага тыпу падзяляюцца на ўзроўні (пласты). Гэта тэорыя дазваляе вывучаць аб’екты з выкарыстаннем схем любой складанасці. Побач з гэтай логіка-матэм. канструкцыяй існуюць Т.т. і ў інш. сферах навук. пазнання. Напр., у сацыялогіі вядома ідэальных тыпаў тэорыя М.Вебера. Уклад у сістэму Т.т. зрабіла сфармуляваная швейцарскім псіхааналітыкам К.Г.Юнгам канцэпцыя «архетыпаў» (найстаражытных адвечных тыпаў, звычайна неўсвядомленых, якія як рэшткі памяці мінулага перадаюцца з пакалення ў пакаленне і зафіксаваны ў структурах унутранага свету чалавека, у розных рэліг. сімвалах і міфал. сюжэтах). У фізіялогіі важнае значэнне мела вучэнне І.П.Паўлава пра вышэйшую нерв. дзейнасць. Т.т. грамадстваў сфармуляваў Н.Луман (Германія), культуры — М.Мід, сац. сістэм — Т.Парсанс (ЗША).
Я.М.Бабосаў.
т. 16, с. 78
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)